Выбрать главу
Праб'ецца ярыной, Абшар душы з'іначыць, Смугою праліўной Замгліць пагляд юначы.
Трывогу парадні З будзённасцю імжыстай, У наступ рушаць дні, Не страць здзіўлення, Выстай.
І жаўталіст падзе Балюча на іржышча, І сівер у жудзе Наскрозь душу прасвішча.
І пад страхой кассе Адмерыць цень змяркання. Забраць да рэшты ўсё Урываецца каханне.
Вагання ганьбу — прэч! Забудзь сябе ў аблудзе. Каханню не пярэч — Такога больш не будзе.
Паддадзены святла, Імгнення не гняві ты. Да слодычы пчала Пад восень прагавіта.
Хоць надтачы начы! Дзень дагарэў не высак, Іскрынку берагчы Да скону будзе Прысак...

* * *

Ты морам надзеі была, Капрызлівым небам нагоды, За кожную хвалю святла, За кожную хвілю пагоды,
За кожны апошні вал, За кожны прыліў утрапення, За кожны начы прычал, За кожны золак здзіўлення,—
Я ўдзячны табе адной За слодыч забытага болю. Хоць смяг ля вады пазной, Хоць чуў перуноў уволю.
Якой даўгатой, шыратой На карце цябе абразіць? Салёнай была, крутой, Ды прэснай — Ні ў якім разе!

* * *

Па плячы Сасну сячы, Як падаўся ў лесарубы. Веек касачы Сачы, Каб шапталі вочы: «Любы».
Кленчы харашбе У журбе. Пал бяры ў цярпеныя цуглі. «Я хачу цябе» — Мальбе Вусны рызыкай абвуглі!

* * *

Ты мне даруй за лістапад Маёй журбы! Лісты Наіўны вецер неўпапад З далёкай гнаў вярсты.
Твайго спакою лістабой У вырай нёс лісты, Клін, не заўважаны табой, Жаўцеў ад гаркаты.
Тваёй пагарды ліставей Садзьме мае лісты. Забудзь мяне — і так лацвей, Вясней нанова ты.
Я вырай да сябе прыму. Знядбаныя лісты, Магчыма, пра маю зіму Напомняць з нематы...

* * *

Пад акном у цябе ў цішыні на экране, Як паўторныя фільмы, ідуць цягнікі: І трывожны паўночны, і спалоханы ранні, І паўдзённы, будзённы ад злой талакі.
На імгненне прымоўкне дасведчаны вечар, Лістадзённік вятры адгарнуць наўздагад. Толькі мой неспакой — звар'яцелы дыспетчар Знае радасці графік i суму расклад.
Цяжкаважкі састаў нагружаю спаўна я, Зноў цягнік-летуценнік ляціць пад адхон. Пальцы шпалаў дрыжаць Я сябе ўспамінаю У запаволеных кадрах вагонных акон...

* * *

Памяць крыўду трымае ўчэпліва, Перабірае ружанец дробязей. Як ты рэўнасць маю ні зацеплівай, Ты яшчэ мне жаданей робішся.
Пераправу не знаю палю чыю, Яблык я надкушу з забаронаю.
Ты такая наіўна-калючая, Бо ласкава-безабаронная.

* * *

Ні словам не адгукнулася ты, Маўчала — да нематы — Трывала. Усе мае да цябе лісты Ты Смутку майму дыктавала!

* * *

Iмклівы час такі, Што следу не відно. Ці мне пісаць з рукі, Ці след забыць даўно Крыўдлівыя радкі Пра цёмнае акно?
Дзён светлых камянькі, Напэўна, злецяць дно Забытлівай ракі. Ды ўспомні заадно Тады мае радкі —
І не тушы акно!..

* * *

Мы лехі смутку полем, Расады ўцехі мала. Была крыўдлівым болем Балючай крыўдай стала.