Выбрать главу

КАПІТАН

                              Вы самі Жывыя засталіся выпадкова.

ВІЁЛА

Мой бедны брат! Дык, можа быць, і ён...

КАПІТАН

О так, і, каб суцешыць вас, скажу вам: Калі на рыфах карабель разбіўся, І вы з той групкай, хто паспеў саскочыць У лодку, апынуліся на хвалях, Ваш брат — я бачыў сам,— не разгубіўся: Ён, прывязаўшыся вяроўкай к мачце, Таўшчэзнай і нятонучай, адчайна Пусціўся плыць. Адважны чалавек: Якая б ні спасцігла небяспека, Надзей не траціць; гэткі быў ваш брат. Я час ад часу бачыў, покуль мог, Як ён з вяршыняў хваль ныраў у прорвы I то знікаў, то зноў з’яўляўся зверху, Падобны Арыёну на дэльфіне.

ВІЁЛА

Вось залаты за добрую навіну.

(Дае яму дукат.)

Маё уратаванне акрыляе Ўва мне надзею, што і брат, магчыма, Жывы застаўся. О, калі ж бы так!.. Тваё паведамленне ў пэўнай меры Дае падставу для такой надзеі. Табе знаёмая мясцовасць гэта?

КАПІТАН

О, так, сіньёра. Тры гадзіны ходу Адсюль да месца, дзе я нарадзіўся.

ВІЁЛА

Хто ж уладарыць тут?

КАПІТАН

Высакародны Паходжаннем і чулы сэрцам герцаг.

ВІЁЛА

А як яго завуць?

КАПІТАН

Арсіна.

ВІЁЛА

Як? Арсіна! Мне даводзілася чуць Ад бацькі гэтае імя. Здаецца, Ён нежанаты быў тады.

КАПІТАН

                                    О, так. Ён і цяпер, напэўна, нежанаты. Калі лічыць, дык не прайшоў і месяц, Як я адплыў адсюль; тады ў народзе Шапталіся — вядома ж, просты люд Пагаварыць аматар пра вялікіх,— Што герцаг закаханы ў прыгажуню — Алівію-суседку.

ВІЁЛА

Хто яна?

КАПІТАН

Дачка памерлага нядаўна графа, Дзяўчына — з прыгажуняў прыгажуня. Якісьці час была пад апякунствам Свайго ж браценніка, нашчадка графа. Нашчадак скора ўслед пайшоў за бацькам; Яна, асірацелая, ў жалобе Па двух нябожчыках, а больш па брату, Зраклася ўцех зямных і адзінока Жыве пустэльніцай.

ВІЁЛА

                            Ах, калі б мне Наняцца да яе хоць пакаёўкай, Але пры ўмове, каб ніхто не ўведаў. Хто я і што, пакуль для высвятлення Не прыйдзе зручны момант.

КАПІТАН

                              Не, сіньёра, Курс — не па компасе. Яна ніколі Прымаць сабе паслуг не дазваляе Не толькі ад людзей нязнатных родам, А і ад герцага.

ВІЁЛА

                              Мне імпануе Твая манера, капітан, трымацца. Хоць часта пад прывабным знешнім бляскам Прырода тоіць гніль, такой заганы Ў табе я не знаходжу. Мне здаецца, Што ўсё ў табе — характар і душа — Адпавядаюць выпраўцы адменнай Марскога воўка і прыгажуна. Прашу цябе — я заплачу не скупа,— Не гавары нікому, хто і што я, I памажы мне так пераадзецца, Каб знешні выгляд быў візітнай карткай Маіх намераў. Я хачу наняцца Да герцага ў прыслугі. Ну, напрыклад, Рэкамендуй мяне да іх на службу Як еўнуха. Я згодна, і павер — Я ўмею пець, іграць на інструментах, I дагаджаць ва ўсім змагу як трэба. Што будзе, тое будзе, марачок, Адно прашу: пра мой намер — маўчок!

КАПІТАН

Дзе будзе еўнух, будзе і нямы. Дык, значыць, вы — не вы і мы — не мы!

ВІЁЛА

Вось дзякуй! Ну, вядзі.